У кожнай дзяржавы ёсць свае галоўныя атрыбуты самабытнасці і незалежнасці, якія ўвасабляюць гісторыка-культурную спадчыну народа, падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць грамадзян. У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. 12 мая – Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь
На нашым сцягу тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер сімвалізуе мужнасць народа, які крывёю абараніў сваю свабоду. Зялёны колер – колер жыцця і надзеі, колер нашых лясоў і палёў, сведчанне мірнага характару беларусаў, іх працавітасці. Белая паласа з арнаментам з’яўляецца сімвалам нашай чысціні і высокай духоўнасці.
Дзяржаўны герб адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працу, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэннасць. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. У версе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў: музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н. Ф. Сакалоўскі, а словы – беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна.